Свята святога Апостала Якуба
Святы Якуб, сын Зебядзееў і брат святога евангеліста Яна Багаслова, быў адным з 12 апосталаў, абраных Госпадам у вучні з простых рыбакоў. Разам з братам і апосталам Пятром быў адным з найбліжэйшых вучняў Ісуса.
Якуб Старэйшы прапаведаваў у Самарыі, Юдэі і Іспаніі. Паводле Кнігі Дзеяў (12, 2), ён быў пакараны смерцю царом Ірадам Агрыпам I у Ерусаліме прыкладна ў 44 годзе ( першы з апосталаў, які стаў пакутнікам).
Паводле падання яго парэшткі былі пакладзены ў човен і адпушчаныя ў Міжземнае мора. Нятленныя мошчы былі выяўлены ў IX ст. у месцы, званым Campus stellae («Поле зоркі») – паводле легенды, месцазнаходжанне мошчаў паказала пуцяводная зорка. Адшуканне яго мошчаў і паданне аб яго пропаведзі ў Іспаніі зрабілі апостала Якуба вельмі папулярным у гэтай краіне. На працягу многіх стагоддзяў іспанскае войска кідалася ў бой з крыкам – “Santiago!” (Святы Якуб!).
Святы Якуб шануецца як заступнік Іспаніі, Партугаліі і паломнікаў . Паломніцтва ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ўжо з XI ст. лічыцца другім па значэнні пасля паломніцтва ў Святую Зямлю.