Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)Царква святкуе ўваход Хрыста…

Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)

Царква святкуе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Хрыстос ведаў, што яго чакалі наперадзе пакуты і смерць, бо “немагчыма, каб прарок памёр вонках Ерусаліму” (Лк 13:33). Тым не менш свята мае радасны і ўрачысты характар. Богаслужэбныя тэксты робяць націск на Боства Таго, хто ўязджае ў Святы Горад. Ён Той, Хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца. Сёння Ён “панізіўся, сеўшы на бяздумнае асля”. Ён ідзе “на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы”. У сапраўднасці Ягоны ўваход пераможны: Ён “сеў на асля, быццам на калясніцу, каб здабыць сабе ўсе народы”. Таму дзеткі, якія вітаюць Яго воклічам “Гасанна”, прадвяшчаюць радасць Уваскрасення.

Многія з тых, што выйшлі Хрысту насустрач, думалі, што Ён – Месія, “Памазаннік Божы”, асабліва таму, што яны чулі, як Ён уваскрасіў Лазара. У тым часе ўвесь гэбрэйскі народ быў ахоплены чаканнем хуткага прыйсця Месіі. Аднак ва ўяўленні большасці Месія быў не столькі рэлігійным, як палітычным правадыром, які меў вызваліць народ ад чужога панавання і адбудаваць каралеўства Давіда. Сціплы ўезд Хрыста на асляці не сумяшчаўся з гэтым уяўленнем, і таму быў непрымальным, асабліва для тых, што ўважалі сябе за правадыроў народу – святароў, фарысэяў і кніжнікаў. Толькі нявінныя дзеткі адчулі чыстай душою, хто быў Той, што ўваходзіў у Святы Горад, і віталі яго радаснымі воклічамі: “Гасанна! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!”