Вялікі Тыдзень у сціслым сэнсе пачынаецца ў панядзелак. Гэты дзень, а таксама аўторак і серада, был…

Вялікі Тыдзень у сціслым сэнсе пачынаецца ў панядзелак. Гэты дзень, а таксама аўторак і серада, былі апошнімі днямі публічнай дзейнасці Хрыста. Ён навучаў у святыні, вёў спрэчкі з фарысэямі, садукеямі і святарамі, якія хацелі злавіць Яго на слове, каб пасля абвінаваціць. Хрыстос не толькі адказваў ім, але выкрываў іхнюю няшчырасць і крывадушнасць. Такім чынам нарастаў канфлікт, які непазбежна вёў да трагічнага канца. Можна сказаць, што гэтыя дні праходзілі пад ценем Крыжа. Гэта адчуваецца ў богаслужэннях, у якіх прысутны матыў цярпенняў праведніка. Са старазапаветных чытанняў бярэцца Кніга Ёва – класічны вобраз праведнага пакутніка. У Вялікі Панядзелак на ютрані згадваецца сын патрыярха Якуба, праведны Язэп, які быў прададзены сваімі братамі ў няволю. Іншая Кніга Старога Запавету, якая чытаецца праз увесь тыдзень, гэта Кніга Выхаду, у якой гаворыцца пра выбаўленне гэбрэйскага народу з егіпецкай няволі пад кіраўніцтвам Майсея. Майсей – правобраз Хрыста: як той вывеў свой народ з няволі, правёўшы яго праз Чырвонае Мора, так Хрыстос праз Крыж і ўваскрасенне перавёў людзей ад смерці да вечнага жыцця. Другі матыў у богаслужэннях гэтых дзён – гэта другое прыйсце Хрыста, канец свету і апошні суд, а таксама патрэба быць чуйным і прыгатаваным, бо гэтае прыйсце будзе нечаканым. Перасцярогаю для нас павінен быць лёс смакоўніцы, якая была праклятая Хрыстом і ссохла, бо не мела пладоў (Мц. 21:18-19): Пра патрэбу чуйнасці нагадваюць таксама прыповесці пра разумных і неразумных дзеваў (Мц. 25:1-13), пра таленты (Мц. 25:14-30) і інш. У трапары на ютрані кажацца: “Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчаслівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго заспее бяздзейным…”

У Вялікую сераду ў Евангеллі ад Мацвея (Мц. 26:6-16), якое чытаецца ўвечары, расказваецца пра грэшную жанчыну, якая выліла каштоўны духмяны алей на галаву Ісуса і абцерла Ягоныя ногі сваімі валасамі. Ёй супрацьстаўляецца страшны ўчынак Юды, які прадаў свайго Настаўніка: “Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна развязала валасы свае, а ён быў звязаны злосцю. Замест духмянага алею ён прынёс смурод нянавісці, бо зайздрасць сляпая на дабро”.

Праз усе тры дні ад панядзелка да серады служыцца Літургія Раней Асвячаных Дароў.