Ютрань Вялікай Суботы пачынаецца “надмагільным плачам”, строфы якога чаргуюцца з вершамі 118 псалму. Адразу пасля плачу тон мяняецца і спяваюцца ўваскросныя песні з нядзельнай ютрані: “Хор анёлаў здзівіўся, убачыўшы сярод мёртвых Цябе, Збавіцелю, які знішчыў сілу смерці, Адама ўзняў з сабою і ад пекла вызваліў нас”. Канон ютрані мае тэмаю зыход Хрыста ў падзем’е і перамогу над смерцю.
Вячэрня Вялікай Суботы разам з Літургіяй св. Васіля Вялікага – гэта чаканне Ўваскрасення. Таму яна пачынаецца ўваскроснымі нядзельнымі песнямі 1 тону: “Вячэрнія нашы малітвы прымі, святы Госпадзе, і дай нам адпушчэнне грахоў, бо Ты Адзіны, які даў свету ўваскрасенне”. У чытаннях са Старога Запавету даюцца прыклады Божага збаўлення (пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора, кніга прарока Ёны, уваскрасенне памерлых праз прарокаў Іллю і Елісея, збаўленне ў Бабілёне трох гэбрэйскіх юнакоў, укінутых у распаленую печ і інш.).
На Літургіі замест “Святы Божа…”, спяваецца “Усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся”, на ўспамін аб тым, што ў ранейшыя часы на гэтым месцы адбываўся хрост катэхумэнаў, г. зн. тых, што жадалі прыняць веру Хрыстовую і былі да гэтага належна прыгатаваныя. У чытанні з ліста да Рымлянаў гаворыцца аб значэнні хросту: “Мы пахавалі сябе з Ім (Хрыстом) хрышчэннем у смерць, каб нам увайсці ў новае жыццё – як Хрыстос уваскрос з мёртвых дзякуючы славе Айца”. (Рым 6.4): Евангелле ад Мацвея (28:1-20) гаворыць пра жанчынаў-міраносіцаў ля Хрыстовай магілы, і пра тое, як уваскрослы Хрыстос з’явіўся апосталам у Галілеі. Замест Хэрувімскай песні на Літургіі спяваецца гімн з Літургіі святога Якуба: “Хай маўчыць усё стварэнне, хай стаіць у страху і хваляванні, і хай нішто зямное не кранае яго, бо вось Уладар уладароў і Госпад тых, што пануюць, прыходзіць, каб прынесці ў ахвяру Сябе і даць Сябе на спажытак верным…”
Падзеі Вялікага Тыдня – найбольш драматычныя і значныя ў гісторыі чалавецтва, бо без Крыжовай смерці Хрыста не было б радасці Ўваскрасення. Крыж у Вялікую Пятніцу і пустая магіла ў Вялікдзень непадзельна звязаныя паміж сабою ў Божым провідзе збаўлення і адкуплення роду людскога.