Вялікая Пятніца мае характар, адменны ад усіх іншых дзён. Царква быццам стаіць у маўчанні і са страхам глядзіць, як Бог памірае за людзей. Літургіі – нават Літургіі Раней Асвячаных Дароў – няма, бо ў гэты дзень Хрыстос прыносіцца не пад выглядам хлеба і віна, але ва ўласнай асобе. Дзень пачынаецца службаю “Пакутаў Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста” або ютранню з дванаццаццю евангельскімі чытаннямі пра пакуты і смерць Хрыста. Чытанні чаргуюцца з асобымі антыфанамі і іншымі спевамі, у якіх перагукваюцца пачуцці ўсхвалення Госпада, пакланення, жалю, і жаху перад учынкам богазабойцаў. Такім чынам Царква крок за крокам перажывае разам з Хрыстом апошнія гадзіны Ягонага жыцця на зямлі: Апошнюю Вячэру, малітву ў Гетсыманскім садзе, арышт, допыт на двары першасвятара, суд Пілата, крыжовую дарогу, укрыжаванне на Галгоце, смерць і пахаванне. Аднак смерць Хрыста не была паразаю. У час, калі, здавалася, усё было страчаным і на свеце запанавала непраглядная цемра, Ён здзейсніў вялікую перамогу над смерцю і дараваў вечнае жыццё роду людскому. Пра гэта гаворыцца ў трапары дня: “Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап’ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несмяротнасць. Збавіцелю наш, слава Табе!”
Кананічныя гадзіны ў гэты дзень называюцца вялікімі або “царскімі”. На іх бываюць чытанні са Старога і Новага Запаветаў. Адмысловыя “месіянскія” псалмы згадваюць пра Месію, “Памазанніка Божага”, – іншасказальна (Пс 68, 69), дзе Ён стоены за вобразам Давіда, або літаральна, як напрыклад у Псалме 2, дзе гаворыцца пра годнасць Месіі. У Псалме 21 з вялікай дакладнасцю даецца апісанне Ягоных цярпенняў.
Вячэрня ў Вялікую Пятніцу заканчваецца “вынасам плашчаніцы”, або абрадам пахавання Хрыста.