Заклік Хрыста «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк. 1, 15) заўсёды з’яўляецца актуальным заданнем для кожнага хрысціяніна, а для Царквы — місіяй яе прапаведніцкага і душпастырскага служэння. Праз дзеянне ласкі Святога Духа ў Царкве нас дасягае рука Госпада, што прабачае і ацаляе: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, а на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян. 20, 22). Менавіта гэтыя словы Збаўцы сталі ў хрысціянскай традыцыі асновай таінства пакаяння, свяшчэннадзейства, у якім міласэрны Бог сустракаецца з грэшным чалавекам, які каецца, і праз святара даруе яму адпушчэнне грахоў.
Таінства пакаяння з’яўляецца вялікай праявай Божай любові і міласэрнасці да нас, грэшных. Бо калі мы, абмытыя ў хрышчэнні са сваіх грахоў і адораныя Божай ласкай, зноў чынім са злосці ці слабасці грэх, Госпад не адкідае нас і не адварочваецца, але чакае ад нас пакаяння. Ён прабачае нам, калі мы каемся і вызнаем свае грахі. Невыпадкова Святыя Айцы Царквы называлі гэтае таінства «другім хростам» або «другой дошкай выратавання пасля катастрофы» (лац. secundatabula postnaufragium). Відавочна, пад катастрофай меўся на ўвазе грэх, які чалавек учыніў пасля хросту і ад якога ратаваўся ў таінстве пакаяння.