У Рымскім абрадзе гэтае свята мае зусім адменны характар, менавіта пакланенне трох мудрацоў нованароджанаму Хрысту. У народзе яно вядомае як “Тры каралі”. Розніцу між Усходнім і Рымскім абрадамі ведалі беларускія біскупы, якія рыхтавалі Унію з Апостальскім пасадам. У лісце ад 11 чэрвеня 1595 г., як адну з умоваў Уніі, яны дамагаліся захавання свайго царкоўнага календара, бо, як яны пішуць, “Мы маем святы, якіх паны Рымляне не маюць, а гэта 6 студзеня, калі мы спраўляем памяць хросту Госпада Хрыста і першага аб’яўлення Бога ў Тройцы адзінага, што ў нас называюць Богаяўленнем; і ў гэты дзень маем асобы абрад асвячэння вады”.
Хрышчэнне, абмыццё вадою, якім хрысціў Ян, было хрышчэннем на пакаянне, вобразам нашага духоўнага ачышчэння і аднаўлення. Хрыстос, будучы бязгрэшным, не меў патрэбы ў ачышчэнні, але ў сваім хрышчэнні Ён узяў з сабою ў ваду людскую прыроду, якую Ён дабравольна ўспрыняў, і даў вадзе ў тайне святога хросту ласку асвячэння і аднаўлення, і з’яднання з Богам, якое мы страцілі праз першы грэх нашых прабацькоў. У богаслужэбных песнях гэтага дня кажацца: “Хрыстос… хрысціцца разам з намі і асвячае ваду для ачышчэння душаў. Зямное на выгляд дзеянне ёсць у сапраўднасці вышэйшым за неба: праз абмыццё – збаўленне, а праз ваду – Дух. У пагружэнні здзяйсняецца наш узыход на неба”.
Хрышчэнне Г. Н. Ісуса Хрыста было пачаткам Ягонай публічнай дзейнасці.
У ранейшыя часы на Богаяўленне, як і на Вялікдзень, адбывалася хрышчэнне тых, хто жадаў і быў гатовы прыняць Хрыстовую веру. Да нашых дзён захаваўся звычай у гэты дзень урачыста асвячаць ваду.