Грэка-каталіцкі храм у Берасьці (разам з храмамі ў Менску ў парафіі Праведнага Язэпа і ў Полацку ў парафіі сьвятамучаніка Язафата) прызначаны юбілейным на падставе дэкрэту Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 13 траўня 2024 году «Нормы ўдзяленьня адпусту падчас звычайнага Юбілею 2025 году, устаноўленага Яго Сьвятасьцю Папам Францішкам». За пілігрымаваньне ў юбілейны храм або за пабожнае яго наведваньне вернікі (католікі любога абраду) могуць атрымаць поўны адпуст.
У памяць пра гэты юбілейны 2025 год у грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці застанецца медаль «Пілігрымы надзеі», які перадаў старшыні парафіі Апостальскі Адміністратар БГКЦ.
У гэты дзень беларускія грэка-католікі ўзгадвалі таксама экзарха-мучаніка а. Антона Неманцэвіча, SJ, які загінуў 6 студзеня 1943 году ў нацысцкай турме СД у Менску.