Апостал дняСымон Пётр, слуга і апостал Ісуса Хрыста, тым, што дзякуючы справядлівасьці Бога нашага …

Апостал дня

Сымон Пётр, слуга і апостал Ісуса Хрыста, тым, што дзякуючы справядлівасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі дастойную веру, як і наша: ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнаньне Бога і Ісуса, Госпада нашага.

Яго Божая моц надзяліла нас усім, што патрэбнае да жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, хто паклікаў нас сваёю хвалой і дасканаласьцю. Поруч з імі падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцаньні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усьцярогшыся сапсуцьця, якое пашыраецца па сьвеце праз пажаданьні. Таму старайцеся з усіх сіл, каб сваёю вераю выхаваць цноту, а праз цноту — веданьне, а праз веданьне — паўстрыманасьць, а праз паўстрыманасьць — цярплівасьць, а праз цярплівасьць — пабожнасьць, а праз пабожнасьць — браталюбства, а праз браталюбства — любоў.

Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, дык вы не будзеце бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста. А ў каго гэтага няма, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся аб ачышчэньні ад даўнейшых сваіх грахоў. Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканьне і выбраньне. Так робячы, ніколі не спатыкнецеся.
(2 Пасланьне ап. Пятра 1, 1-10)