Максім Вызнаўца (582-662) – знакаміты дзеяч і настаўнік царкоўны, глыбокі знаўца Платона, Арыстоцеля і неаплатонікаў, уславіўся ў гісторыі Царквы сваёй энэргічнай барацьбой супраць монатэліцкай ерасі.
Той, хто дзеля літасьці да нас дабравольна стаўся чалавекам, паказаў, што мае дзьве волі і два дзеяньні: так ты, Максіме, навучаў і зачыняў вусны бессаромнікаў. Ты ўвесь час прапаведаваў супраць тых, якія, спакушаныя д’яблам, сьцьвярджалі, што Хрыстос мае толькі адну волю і адно дзеяньне.
Блаславёны Максіме, ты сілаю вучэньня твайго змусіў замоўкнуць ілжывага Піра; за гэта ты цярпеў перасьлед і выгнаньне, і адсячэньне языка і правае рукі, якую ты заўсёды ўзносіў у малітве да Бога і якою ты пісаў твае натхнёныя словы.
Шануем цябе, ойча Максіме, як настаўніка мноства манахаў, бо мы ўсе навучыліся хадзіць тваёю праваю сьцежкаю. Шчаслівы ты, бо, паслужыўшы верна Хрысту, і, разьбіўшы варожую сілу, ты стаўся суразмоўцам анёлаў і саўдзельнікам сьвятых праведнікаў. Разам з імі маліся Госпаду, каб Ён дараваў душам нашым веліч зьмілаваньня.