Вучэнне Айцоў Хто мае любоў у Хрысце, няхай выконвае наказы Хрыста. Хто зможа расказаць пра повязь…

Вучэнне Айцоў

Хто мае любоў у Хрысце, няхай выконвае наказы Хрыста. Хто зможа расказаць пра повязь любові Божай? Хто здолее выказаць веліч красы Ягонай? Вышыня, на якую ўзнялася любоў, невыказная. Любоў злучае нас з Богам, «любоў закрывае мноства грахоў» (1 Пт. 4, 8). Любоў усё цярпліва вытрымлівае, усё цярпліва зносіць; у любові няма нічога бруднага, нічога ганарыстага; любоў не выклікае звадаў і не ўсчынае бунту, любоў усё робіць у згодзе; у любові ўсе выбраныя Божыя дасканалыя, без любові нішто не мілае Богу. З любові Бог узяў нас да сябе. З любові да нас Госпад наш Ісус Хрыстос згодна з Божай воляй аддаў за нас Сваю Кроў, Сваё Цела за наша цела, Сваю душу за нашы душы.

Паглядзіце, умілаваныя, наколькі вялікай і цудоўнай цнотай з’яўляецца любоў, як цяжка выказаць яе дасканаласць. Зрабіць гэта здатны толькі той, каго Бог палічыў годным. Таму памолімся і папросім Яго міласэрнасць, каб мы трымаліся любові і былі пазбаўленыя ўсялякай людской заганы ці правіны.

Усе пакаленні, пачынаючы з Адама аж да сённяшняга дня, прамінулі; а тыя, хто з ласкі Божай здабыў дасканалую любоў, занялі месца святых і аб’явяцца, калі прыйдзе валадарства Хрыста. Бо напісана: «Увайдзіце на хвіліну ў свае пакоі, пакуль гнеў і абурэнне Мае не прамінуць; і згадаю добрыя дні, і ўваскрашу вас з магіл вашых» (пар. Іс 26, 20; Эзх 37, 12).

Шчаслівыя мы, умілаваны, калі будзем выконваць наказы Госпада ў згодзе любові, каб праз любоў нам былі адпушчаны грахі. Бо напісана: «Блаславёныя, каму адпушчана несправядлівасць, чые грахі сцёрты. Шчаслівы чалавек, якому Госпад не палічыў грэх і ў вуснах якога няма падману (пар. Пс 33 [32], 1). Дадзенае благаслаўленне адносіцца да тых, каго Бог выбраў праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада, Якому слава на вякі вякоў. Амін.

св. Клімент, Папа Рымскі