Вам трэба ўсяляк праслаўляць Ісуса Хрыста, Які праславіў вас, каб дасканалыя ў адзінай паслухмянасці, падпарадкаваныя біскупу і прэзбітэру, вы дасягнулі святасці ва ўсім.
Не павучаю вас як нехта асаблівы, бо нават калі я зняволены дзеля імя Хрыста, гэта не значыць, што ўжо дасканалы ў Ісусе Хрысце. Менавіта цяпер я пачынаю быць Яго вучнем і магу звяртацца да вас як да такіх жа вучняў. Мне трэба было, каб вы падмацавалі мяне верай, павучаннем, цярплівасцю і ласкавасцю. А паколькі любоў не дазваляе мне маўчаць наконт вас, я загадзя павучаю вас, каб вы былі адзінадушнымі ў выкананні волі Божай. Як волю Айца выяўляе Ісус Хрыстус, неадлучнае жыццё наша, так біскупы, устаноўленыя на дарогах жыцця, выказваюць волю Ісуса Хрыста.
Таму вам трэба быць у еднасці з біскупам, што вы і робіце. Бо ваша слаўнае святарства, годнае Бога, так злучана з біскупам, як струны цытры. Таму ў вашай згоднай і гарманічнай любові спявае Ісус Хрыстос. Вы ж самі будзьце паасобнымі струнамі, каб у сугучнай згодзе аднадушна пачыналі спеў Божы і аднагалосна спявалі Айцу праз Ісуса Хрыста. А Ён выслухае вас і пазнае па добрых учынках вашых, што вы належыце да Сына Ягонага. Такім чынам, карысна вам быць у непарушнай еднасці, каб заўсёды мець удзел у Богу.
Калі я за такі кароткі прамежак часу наладзіў такое духоўнае, а не зямное сяброўства з вашым біскупам, дык наколькі шчаслівейшыя вы, з’яднаныя так, як Царква з Ісусам Хрыстом і як Ісус Хрыстос з Айцом у гарманічнай еднасці. Няхай ніхто не падманвае сябе: калі хто здалёк ад алтара, ён пазбаўляецца Божага хлеба. Калі агульная малітва двух вернікаў мае такую вялікую моц, наколькі ж мацнейшая малітва біскупа і ўсёй Царквы?
св. Ігнат Антыяхійскі