28 студзеня – успамін сьв. Ахрэма СірынаСьвяты Ахрэм нарадзіўся ў Месапатаміі каля 300 г. Ягоны бац…

28 студзеня – успамін сьв. Ахрэма Сірына

Сьвяты Ахрэм нарадзіўся ў Месапатаміі каля 300 г. Ягоны бацька, язычніцкі жрэц, выгнаў яго з дому за сімпатыю да хрысьціянаў. Некаторы час яго перахоўваў у сябе сьв. Якуб, біскуп Нізібіі, які даў яму добрае выхаваньне.

Дасягнуўшы васемнаццацігоддзя, прыняў хрост і распачаў манаскае жыцьцё, быў высьвечаны на дыякана і стаўся настаўнікам ў вядомай хрысьціянскай школе ў Нізібіі. Каментаваў таксама Сьвятое Пісаньне і тлумачыў дагматы веры.

Калі з палітычных прычынаў Нізібія перайшла да Персіі, шматлікія хрысьціяне, а з імі і сьв. Ахрэм, пакінулі Бацькаўшчыну і перасяліліся ў Эдэс, дзе сьв. Ахрэм працягваў навучаць. Памёр у 373 годзе.

Напісаў па-сірыйску шмат рэлігійных гімнаў, які былі перакладзеныя на грэцкую мову. Вызначаўся асаблівай пабожнасьцю да Багародзіцы. Нам таксама вядомы малітвай, якую прамаўляем у часе Вялікага Посту “Гопадзе і Ўладару жыцьця майго…”

Ты, Ахрэм вечнапамятны, ухіліўся разумна ад жыцьцёвых клопатаў, дзеля любові да супакою аддаліўся ў пустыню, і там дзейсна стараўся ўзьняцца да Бога. Зазьзяўшы сьветачам на ўвесь сьвет, ты крынічыў людзям словы жыцьця. Не пераставай малітвамі тваімі, ойча сьвяты, умацоўваць нас і ахоўваць ад ворагаў душы нашыя.