2 лютага – сьвята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне) Згодна з Законам Майсея кожны п…

2 лютага – сьвята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)

Згодна з Законам Майсея кожны першародны сын належаў Госпаду на ўспамін вызваленьня выбранага народу з егіпецкай няволі, і таму на 40 дзень пасьля нараджэньня бацькі павінны былі прынесьці яго ў сьвятыню і даць за яго выкуп, устаноўлены Законам. Госпад Ісус Хрыстос быў таксама прынесены ў сьвятыню ягонай Маці і сьв. Язэпам. Для Яго гэты абрад быў першаю сустрэчаю з Ягоным народам у асобах праведнага старца Сімяона, якому было абяцана, што не памрэ пакуль не пабачыць свайго Збаўцы, і прарочыцы Ганны. Адсюль і назва “Сустрэча”.

У багаслужэбных песьнях усхваляецца Хрыстос, “Творца закону”, які сёньня “выконвае закон”, а таксама ягоная Маці, “Хмара ацененая, Дзева, што носіць на руках Сына, Які нарадзіўся перад заранкай”. А стары Сімяон, разьвітваючыся з зямным жыцьцём, паказвае Яго ўсяму сьвету і радасна ўсклікае: “Госпадзе, што зазьзяў незаходным сьвятлом для тых, што ў цемры, слава Табе!”

Сьвята Сустрэчы замыкае круг сьвятаў, зьвязаных з нараджэньнем Госпада нашага Ісуса Хрыста. Яно было вядомае ўжо ў IV ст. у Ерусаліме, дзе яго бачыла і апісала ў сваім дзёньніку пабожная падарожніца з Галіі (цяпер паўднёвая Францыя) Этэрыя.

На Беларусі ёсьць звычай, узяты напэўна ад рыма-католікаў, асвячаць у гэты дзень сьвечкі. Асьвячаныя сьвечы захоўваюць дома ў кожнай сям’і. Іх запальваюць і даюць у рукі чалавеку ў часе кананьня. Таксама запальваюць іх у часе навальніцы ці іншай прыроднай стыхіі. Таму яны называюцца “грамнічнымі”, а само сьвята – “Грамніцамі”.