Сьвятая Агата, якая нарадзілася каля 235 г., паходзіла з заможнага роду ў Катаніі (Сіцылія). Была незвычайна прыгожаю душой і целам. Будучы хрысьціянкай і вырашыўшы жыць у дзявоцтве, не захацела стацца жонкай прэфэкта гэтага гораду Квінтыяна. Жадаючы адпомсьціць за гэта і спрабуючы зьняславіць, яе аддалі ў публічны дом, а потым кінулі ў вязьніцу, дзе катавалі і адцялі ёй грудзі. Там ёй зьявіўся сьвяты апостал Пётр і аздаравіў яе. Але ўрэшце яе спалілі на распаленых вуглях.
Пасьля яе сьмерці, калі пачаўся землятрус і адбыўся выбух вулкана Этна, гарачая лава, што пагражала зьнішчыць Катанію, абмінула горад (гэта адбылося 5 лютага). Гэты цуд прыпісваецца заступніцтву сьв. Агаты. Таму ад гэтага часу яе шануюць як апякунку Катаніі і ўсёй Сіцыліі, да яе зьвяртаюцца як да хадайніцы ў небясьпецы пажару. Таксама яе ўважаюць заступніцай жанчынаў, якія кормяць малых дзяцей, маюць хваробы грудзей і церпяць сэксуальныя дамаганьні.