Чытаньне з ВячэрніХай падымуцца народы і сыдуць у даліну Язафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе на…

Чытаньне з Вячэрні

Хай падымуцца народы і сыдуць у даліну Язафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль. Пусьціце ў ход сярпы, бо жніва пасьпела; ідзіце, спусьціцеся, бо чавільня поўная і падчавільнік пераліваецца, бо злосьць іх вялікая. Тлумы, тлумы ў даліне суду! Бо блізкі дзень Гасподні да даліны суду!

Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць бляск свой. І загрыміць Госпад з Сіёна і дасьць голас Свой з Ерусаліма; здрыгануцца неба і зямля; але Госпад будзе абаронаю народу Свайму і абаронаю сынам Ізраілевым. Тады ўведаеце, што Я – Госпад Бог ваш, Які жыве на Сіёне, на сьвятой гары Маёй; і будзе Ерусалім сьвятыняю, і ня будуць ужо іншапляменцы праходзіць праз яго.

І будуць у той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Гасподняга выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым. Егіпет зробіцца пустыняю, і Эдом будзе пустым стэпам – за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі невінаватую кроў у зямлі іхняй. А Юда будзе жыць вечна, і Ерусалім – у роды родаў. Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Госпад будзе жыць на Сіёне. (Ёіл. 3, 12-21)