Сёння адзначаем Сырапусную нядзелю, апошні дзень перад пачаткам Вялікага посту.Святая Царква, рыхтую…

Сёння адзначаем Сырапусную нядзелю, апошні дзень перад пачаткам Вялікага посту.

Святая Царква, рыхтуючы вернікаў да Вялікага посту, у Мясапусную нядзелю абавязвала пакідаць мясныя стравы. На працягу сырапуснага, або сыраеднага тыдня дазвалялася спажываць малочныя прадукты. Але ў Сырапусную нядзелю неабходна было адмовіцца і ад гэтых страў. Адсюль і пайшла назва “сыра-пуст”, гэта значыць адпусканне сыру. Гэты тыдзень у народзе называлі сырным або масленым, а Сырапусную нядзелю – запустамі, г. зн. устрыманнем ад усіх малочных прадуктаў. У гэтую нядзелю праводзіліся апошнія перадпосныя забавы.

У старажытнасці ў манастырах Усходу ўзнік добры звычай: праводзіць абрад узаемнага прабачэння ў Сырапусную нядзелю. Гэты абрад праводзіўся ўвечары пасля сціплай вячэры. Усе манахі ў прысутнасці вернікаў прасілі прабачэння адзін у аднаго за свае правіны, абдымаліся і давалі пацалунак міру. Свецкія вернікі таксама прасілі адзін аднаго пра ўзаемнае прабачэнне. Адсюль паходзіць другая назва – Нядзеля прабачэння.