У 842 годзе імператрыца Тэадора дазваляе ўшаноўваць святыя іконы і прыбірае іканаборчага патрыярха Яна VII, а на яго месца ставіць Мятода I (842-846). Патрыярх Мятод I, які быў пераследваны і мучаны за святыя іконы, склікае ў Канстанцінопаль сінод, які ўжо канчаткова аднаўляе шанаванне святых ікон. Гэтая канчатковая перамога, вядомая як “трыумф праваслаўя”, штогод адзначаецца нашай Царквой у Нядзелю праваслаўя.
Сярод вялікіх абаронцаў святых ікон – патрыярх Герман I, святы Ян Дамаскін, святы Андрэй Крыцкі († 767 г.), святы Тодар Студыт (759-826) і патрыярх Мятод I.
Быццам каштоўны скарб, Царква Хрыстовая шануе святыя іконы Хрыста Збавіцеля, Божай Маці і ўсіх святых. Святкуючы іхняе ўзнаўленне, яна прасвятляецца і красуецца ласкаю і, адкінуўшы ўсе ілжывыя вучэнні, радасна славіць Чалавекалюбца Бога, які дзеля яе пацярпеў дабравольныя мукі.