Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі постКалі Ной меў пяцьсот гадоў, ён нарадзіў трох сыноў – …

Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі пост

Калі Ной меў пяцьсот гадоў, ён нарадзіў трох сыноў – Сіма, Хама і Яфэта. І калі людзі пачалі размнажацца на зямлі, радзіліся ім дочкі. Сыны Божыя, убачыўшы, што дочкі людзкія прыгожыя, бралі іх сабе за жонак, – усіх, якія ім падабаліся.

Тады Бог сказаў: “Ня можа заставацца дух Мой заўсёды ў чалавеку, бо чалавек – істота цялесная; дзеля гэтага няхай жыве толькі сто дваццаць гадоў”. А ў тым часе жылі на зямлі волаты. Бо калі сыны Божыя зыходзіліся з дочкамі людзкімі, тыя радзілі ім іх. Гэта былі асілкі, слаўныя ў тым часе.

Калі ж Госпад убачыў, як вялікая нягоднасьць пануе сярод людзей на зямлі і якія злыя намеры ў іх, пашкадаваў, што стварыў людзей і вельмі засумаваў. Уканцы сказаў Госпад: “Вынішчу людзей, якіх стварыў, з паверхні зямлі – людзей, зьвяроў, паўзуноў і птушак нябесных, бо шкадую, што іх стварыў”. Толькі Ной быў мілы Богу. (5:32–6:8)