Вось кніга патомства Адама. Калі Бог стварыў чалавека, Ён стварыў яго на падабенства Бога. Ён стварыў іх мужчыну і жанчыну, і паблаславіў іх. І даў імя яму “Адам”, калі стварыў яго. І Адам пажыў дзьвесьце трыцаць гадоў, і нарадзіў сына, які быў верным вобразам ягоным, і назваў яго Сэт. Усіх дзён Адама пасьля таго, як у яго нарадзіўся Сэт, было семсот гадоў, і нарадзіў ён сыноў і дачок. І ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць. І памёр.
Сэт, маючы сто пяць гадоў, нарадзіў Яноса. А пасьля нараджэньня Яноса пражыў васемсот семдзесят гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І памёр Сэт, пражыўшы ўсяго дзевяцьсот дванаццаць гадоў.
Калі Янос меў дзевяноста гадоў, ён нарадзіў Каінана. І жыў Янос пасьля нараджэньня Каінана васемсот пятнаццаць гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. Янос памёр, пражыўшы дзевяцьсот пяць гадоў.
Калі Каінан меў семдзесят гадоў, ён нарадзіў Малялеіла. І пажыў Каінан пасьля нараджэньня Малялеіла васемсот сорак гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І калі Каінан пражыў дзевяцьсот дзесяць гадоў, ён памёр.
Калі Малялеіл меў шэсьцьдзесят пяць гадоў, ён нарадзіў Іярэда. А пасьля нараджэньня Іярэда жыў Малялеіл васемсот сорак гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І калі пражыў дзевяцьсот пяць гадоў, памёр.
Калі Іярэд меў сто шэсьцьдзесят два гады, ён нарадзіў Яноха. Пасьля нараджэньня Яноха Іярэд жыў васемсот трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок. Іярэд пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят два гады і памёр.
Калі Янох меў шэсьцьдзесят пяць гадоў, ён нарадзіў Матусалеха. Янох, нарадзіўшы Матусалеха, жыў у прыязьні з Богам яшчэ трыста гадоў і меў сыноў і дачок. Агульны лік гадоў Яноха трыста шэсьцьдзесят пяць. Так як Янох жыў у прыязьні з Богам, ён зьнік, бо Бог забраў яго. (5:1–24)