У серады і пятніцы Вялікага посту, а таксама ад панядзелка да серады Вялікага тыдня служыцца асаблів…

У серады і пятніцы Вялікага посту, а таксама ад панядзелка да серады Вялікага тыдня служыцца асаблівае богаслужэнне – Літургія Раней Асвячаных Дароў.

Яшчэ ў першыя стагоддзі быў звычай, каб падчас Вялікага посту не служыць Святую Літургію, бо ў той час яна яшчэ злучалася з агапай, гэта значыць братэрскай гасцінай, якая супярэчыла духу посту. Акрамя таго, Святая Літургія лічылася радасным таінствам, таму яе адпраўлялі толькі па суботах і нядзелях. У астатнія дні тыдня, каб даць вернікам магчымасць прыняць Святое Прычасце, Святую Літургію замянялі іншымі богаслужэннямі, з якіх з цягам часу развілася Літургія Раней Асвячаных Дароў. Яна не з’яўляецца Літургіяй ў прамым сэнсе гэтага слова, бо яна не мае асвячэння, гэта хутчэй Вячэрня, злучаная са Святым Прычасцем, хлеб якога быў ужо асвячаны раней. Адсюль і назва Літургіі.