Нараніцу Госпад, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў з Ім, пайшлі за Ім; і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: “Усе шукаюць Цябе”. Ён кажа ім: “Хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў”. І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.
Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: “Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць”. Ісус, умілажаліўшыся з яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: “Хачу, ачысьціся”. Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла з яго, і ён стаўся чыстым. І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго і сказаў яму: “Глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім”. (Мк. 1, 35-44)