Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі постСыне, калі будзеш мудры, дапаможаш сабе і блі…

Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі пост

Сыне, калі будзеш мудры, дапаможаш сабе і бліжнім сваім; калі ж ты буян, дык сам пацерпіш.

Хто ўмацоўваецца на мане, той пасе вецер, ганяецца за птушкамі, што лятаюць высока; бо ён пакінуў шляхі свайго вінаградніка, і заблудзіў на сьцежках поля свайго; пераходзіць цераз пустыню і зямлю бязводную, асуджаны на смагу; зьбірае рукамі неўраджай.

Жанчына бязглуздая і языкастая, бедная на хлеб бывае: ня ведаючы сораму, яна сядзіць у дзьвярах дому свайго на крэсьле на вачох усіх, каб клікаць тых, што ідуць дарогаю, ідуць проста шляхам сваім: “Калі хто з вас неразумны, хадзі да мяне; і тым, хто пазбаўлены розуму, загадваю: хлеба схованага пакаштуйце ў асалоду, ваду крадзеную салодкую піце”. Ён і ня ведае, што ў яе людзі гінуць, што яны асуджаныя на апраметную. Але ты ўцякай, не затрымлівайся на месцы, не затрымлівай зроку твайго на ёй: такім чынам пяройдзеш раку чужую і ад вады чужой адхілішся і з крыніцы чужой не нап’ешся; і будзеш доўга жыць, і дні гадоў тваіх памножацца. (9:12–18)