12 сакавіка – памяць св. Тэафана Сігрыянскага, вызнаўцы
Святы Тэафан быў сынам прэфекта Эгейскіх астравоў, які быў родзічам візантыйскага імператара Канстанціна Капроніма.
Ён ажаніўся з Ірынай, з якой жыў у непарушнай чысціні. Пазней маладое сужэнства паасобку ўступіла ў манастыры.
Тэафан пабудаваў тры манастыры і быў ігуменам ў адным з іх.
У 787 г. ён прыняў удзел у VII Усяленскім саборы ў Нікеі, які ўхваліў шанаванне святых абразоў.
Падчас праўлення імператара Лявона іканаборства зноў набрала сілу. За тое, што Тэафан адмовіўся быць адзінадумцам імператара, яму далі 300 бізуноў і пасадзілі ў турму на два гады.
Потым Тэафана саслалі на востраў Саматрацкі, дзе ён памёр у 817 годзе. Бог праславіў яго святыя мошчы шматлікімі цудамі.