14 сакавіка – памяць св. Бенядыкта, заснавальніка заходняга манастваСвяты Бенядыкт нарадзіўся ў 480…

14 сакавіка – памяць св. Бенядыкта, заснавальніка заходняга манаства

Святы Бенядыкт нарадзіўся ў 480 годзе ў італьянскім мястэчку Нурсія ў заможнай сям’і. Не жадаючы ісці за дрэнным прыкладам школьных таварышаў, ён таемна ўцёк з горада.

Некаторы час ён знаходзіўся ў вёсцы Энфідэ ў Сабінскіх гарах, дзе ахвярна дапамагаў святарам. Затым ён пасяліўся ў пячоры на гары Субіяка і правёў там тры гады падзвіжніцкага жыцця.

Пазней Бенядыкт стаў настаяцелем манаскай абіцелі ў мясцовасці Вікавара і пабудаваў 12 манастыроў.

Правёўшы 30 гадоў у ваколіцы Субіяка, Бенядыкт перасяліўся на гару Касіна. Там ён пабудаваў сусветна вядомы Бенедыктынскі манастыр Монтэ-Касіна.

Бенядыкт напісаў манаскі ўстаў Ордэна бенедыктынцаў, у якім, як сказаў св. Рыгор, “святы муж навучаў так, як жыў сам”.

У яго быў дар прадбачыць будучыя падзеі і чытаць людскія думкі.

Аддаў Богу сваю святую душу ў 550 годзе.

Адрокшыся сьвету, ты, пачэсны ойча, з вераю і любоўю юнаком радасна пайшоў за расьпятым Хрыстом; умярцьвіўшы шматлікімі подзьвігамі цела сваё, ты атрымаў дар ацаляць хворасьці людзей, сунімаць боль і адганяць злых духаў, выклікаючы гэтым вялікі подзіў у многіх.

Стаўшыся красою манахаў, ты, пачэсны Бенядыкце, сабраў незьлічонае мноства для хвалы Божай і накіраваў на шлях да неба ўсіх, якія слухалі тваіх боскіх навучаньняў і пераймалі тваё, ойча блаславёны, дабрадзейнае жыцьцё. З імі разам шануем цябе і цешымся з твайго перастаўленьня.

Як некалі Ільля, так ты, ойча, боскаю малітваю зьвёў дождж з неба, зрабіў, каб са збана ліўся алей, і мёртвага ўваскрасіў, і ўчыніў іншыя вялікія цуды на славу Збаўцы ўсіх і Бога. Таму, пачэсны ойча наш Бенядыкце, з любоўю спраўляем тваю слаўную памяць.