Хрызант быў сынам патрыцыя Палемія. Ён ахрысціўся і неўзабаве пачаў вызнаваць сваю веру публічна.
Бацька прымусіў яго ажаніцца з жрыцай Афіны Палады Дар’яй, якая дзякуючы малітве Хрызанта прыняла хрышчэнне і згадзілася пасля шлюбу жыць у непарушнай чысціні.
Гараджане паскардзіліся ўладам, што Хрызант і Дар’я заклікаюць да бясшлюбнага жыцця і многіх змаглі схіліць да гэтага. Сужонкі былі прыведзены на суд, дзе іх падвергнулі катаванням, патрабуючы прынесці ахвяры язычніцкім багам.
Пасля беспаспяховых спроб схіліць іх да адрачэння ад Хрыста сужонкі былі пакараныя – іх жывых апусцілі ў роў і засыпалі камянямі і зямлёй.
Пакутніцкую смерць Хрызанта і Дар’і адносяць да 283 г., у кіраванне імператара Нумерыяна (па іншых дадзеных яны пацярпелі ў 256 годзе).