Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі постГоспад сказаў: “Скаргі на Садому і Гамору чутныя вакол…

Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі пост

Госпад сказаў: “Скаргі на Садому і Гамору чутныя вакол, і грахі жыхароў іх вельмі цяжкія. Зыду, каб пабачыць, ці яно сапраўды так, як у скаргах, якія даходзяць да Мяне, каб ведаць”.

І гэтыя людзі адышлі ў бок Садомы, а Абрагам стаяў далей перад Госпадам. Прыблізіўшыся да Яго, Абрагам сказаў: “Няўжо ж Ты сапраўды хочаш выгубіць праведнага з грэшнікам? А можа ў гэтым горадзе знойдзецца пяцьдзясят праведнікаў: ці тады зьнішчыш горад і не прабачыш яму дзеля гэтых пяцідзесяці справядлівых, якія там жывуць? Хіба можаш такое ўчыніць? Ці загубіш праведнага разам з нязбожным, ці справядліваму будзе тое самае што і няправеднаму? Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі можа паступаць несправядліва?”

Госпад сказаў: “Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў, памілую ўвесь горад дзеля іх.” Тады Абрагам адказаў: “Вось я, зямля і пыл, асьмельваюся гаварыць да Госпада. Можа да пяцідзесяці будзе не ставаць пяці, дык ці зьнішчыш дзеля гэтых пяці ўвесь горад?” Госпад сказаў: “Ня зьнішчу калі знайду там сорак пяць”. Зноў прамовіў Абрагам да Госпада, кажучы: “А можа іх там будзе толькі сорак?” І Госпад адказаў: “Не зраблю гэтага дзеля сарака”. Тады Абрагам сказаў: “Прашу, ня гневайся, Госпадзе, калі я яшчэ скажу: а можа іх там знойдзецца толькі трыццаць?” І адказаў: “Не зраблю, калі знайду там трыццаць”. Тады той зноў: “Вось я асьмеліўся гаварыць да Госпада: а можа іх там знойдзецца толькі дваццаць?” На гэта Госпад адказаў: “Ня зьнішчу дзеля дваццаці”.

Уканцы Абрагам сказаў: “Ня гневайся, Госпадзе, калі яшчэ спытаю: а калі б іх там знайшлося дзесяць?” Госпад адказаў: “Ня зьнішчу дзеля гэтых дзесяці”. Тады Госпад скончыў размову з Абрагамам і адышоў, а Абрагам вярнуўся на сваё месца. (18:20-33)