Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі постКалі Аўраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Госпад зьяв…

Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі пост

Калі Аўраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Госпад зьявіўся яму і сказаў: “Я Бог твой, дагадзі мне і будзь беззаганным, бо хачу пакласьці саюз між Мною і табою, і дам табе шматлікае патомства”.

Аўрам паў ніц на зямлю, а Бог працягваў гаварыць: “Вось мой саюз з табою: будзеш айцом многіх народаў. І ад гэтага часу ня будзеш называцца Аўрам, але імя тваё будзе Абрагам, бо ўчыню цябе бацькам многіх народаў. Зраблю цябе бязьмерна пладавітым, і будзеш бацькам шматлікіх народаў, і цары будуць сярод нашчадкаў тваіх. Мой саюз, які заключаю з табою і тваімі нашчадкамі, будзе трываць з пакаленьня ў пакаленьне, будзе саюзам вечным, і Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх. І аддаю табе і нашчадкам тваім краіну, у якой прабываеш, усю зямлю Ханаанскую, на ўласнасьць давеку, і буду ім Богам”.

І сказаў (яшчэ) Бог Абрагаму: “Захавай саюз мой ты і ўсе нашчадкі твае праз усе пакаленьні”. (17, 1-9)