У VIII стагоддзі наваколлі Ерусаліма падвяргаліся частым нападам сарацынаў. Быў разбураны і прыйшоў у запусценне манастыр святога Харытона. Двойчы сарацыны спрабавалі разрабаваць Лаўру прыпадобнага Савы Асвячанага, але Провід Божы захоўваў абіцель. Лаўраўскія інакі маглі схавацца ад варварскіх набегаў у Ерусаліме, але яны вырашылі не пакідаць таго месца, дзе збаўляліся шмат гадоў.
У канцы Вялікага посту на тыдні перад Вербніцай 13 сакавіка сарацыны ўварваліся ў манастыр і запатрабавалі аддаць ім усе каштоўнасці. Атрымаўшы ад манахаў адказ, што ў манастыры няма нічога, акрамя бедных запасаў ежы і ўбогага адзення, сарацыны сталі страляць у насельнікаў з лукаў. Трынаццаць чалавек было забіта і многія паранены, палалі манаскія келлі.
Сарацыны намерваліся падпаліць і манастырскую царкву, але, убачыўшы ўдалечыні мноства людзей, вырашылі, што гэта войскі, пасланыя з Ерусаліма, і паспяшаліся адысці, выносячы з сабой тое нямногае, што ім удалося нарабаваць.
У Вялікі чацвер 20 сакавіка сарацыны ў яшчэ большай колькасці зноў напалі на Лаўру і пачалі знішчаць манахаў. Тыя, што засталіся ў жывых, былі сагнаныя ў царкву, каб пад катаваннем даведацца ад іх, дзе схаваныя скарбы. Абіцель была акружаная, каб ніхто не мог выратавацца ўцёкамі.
Варвары схапілі св. Яна, зусім яшчэ юнага манаха, які быў папячыцелем вандроўнікаў. Яго жорстка катавалі, затым перарэзалі на нагах і руках сухажыллі і сцягнулі за ногі па камянях з гары, здзёршы скуру са спіны мучаніка.
Захавальнік царкоўных сасудаў, прыпадобны Сяргей, схаваў святое начынне і спрабаваў уцячы, але быў схоплены і абезгалоўлены. Некалькім манахам усё ж удалося схавацца па-за манастыром, у пячоры, але гэта заўважыў вартавы, які знаходзіўся на гары, і загадаў усім выйсці. Унутры пячоры прыпадобны Патрык шэптам сказаў братам, хто быў з ім у пячоры: “Не бойцеся, я адзін за вас выйду і памру, вы ж сядзіце і маўчыце”. Сарацын спытаў, ці ёсць яшчэ хто-небудзь у пячоры, і вялебны адказаў, што ён быў адзін. Яго адвялі ў лаўрскую царкву, дзе заставаліся тыя, што яшчэ былі жывыя.
Сарацыны запатрабавалі з іх выкуп ў 4000 залатых манетаў і свяшчэнны посуд. Манахі не маглі даць такога выкупу. Тады іх перавялі ў пячору прыпадобнага Савы, якая знаходзілася ў агароджы манастыра, і перад уваходам у пячору развялі вогнішча, у якое падкідвалі гной, каб зняволеныя задыхнуліся ад атрутнага дыму. У пячоры загінула васямнаццаць чалавек, у тым ліку і святыя Ян і Патрык.
Тых, хто застаўся ў жывых, сарацыны працягвалі катаваць, аднак, нічога не дамогшыся ад іх, пакінулі манастыр. Позна ноччу ў Вялікую пятніцу манахі, якія хаваліся ў гарах, вярнуліся ў Лаўру, аднеслі целы забітых айцоў ў царкву і пахавалі іх там.