Нарадзілася Марыя Егіпецкая ў V ці ў пачатку VI ст. У 12 гадоў яна, будучы вольнай ад нагляду бацькоў, збегла з дому. Пасля чаго адправілася ў сталіцу Александрыю.
У гэты час яна моцна захапілася распусным жыццём. Не было нікога, хто б адвярнуў яе са шляху пагібелі. Менавіта так праводзіла яна сваё жыццё ў грахах, пакуль Госпад не спыніў яе.
Аднойчы разам з егіпецкімі пілігрымамі яна наведала Ерусалім. На свята Узвышэння Крыжа Гасподняга (14 верасня) захацела ўвайсці ў храм Гробу Гасподняга, каб паглядзець на царкоўныя абрады. Але невядомая сіла яе адкінула, і так паўтарылася некалькі разоў. Уражаная, яна пабачыла над уваходам у храм ікону Маці Божай.
Са слязамі на вачах Марыя шчыра прасіла ў яе прабачэння, абяцаючы, што больш не будзе весці такога жыцця. І толькі пасля гэтага яна змагла пераступіць парог і ўвайсці ў храм. Яна пачула голас Багародзіцы, які прынёс у яе душу сорам і жаль за грахі. Рэшту свайго жыцця святая Марыя правяла ў пакаянні ў пустэлі над Ярданам.
Праз шмат гадоў яе выпадкова знайшоў святар св. Зосіма (памяць 4 красавіка), які паразмаўляў з ёй, даведаўшыся яе гісторыю. Праз год ён прынёс ёй Святое Прычасце. А наступны раз св. Зосіма знайшоў яе ўжо памерлай.
Сіла Крыжа Твайго, Хрысце, цуд зрабіла: ранейшая грэшніца выбрала шлях дабрадзейнасці і правяла рэшту жыцця ў малітве і пасце. Адкінуўшы свае слабасці, яна смела супрацівілася д’яблу, і цяпер, атрымаўшы ўзнагароду, моліцца за душы нашыя.