З-за ранейшых грахоў тваіх ты ня сьмела глянуць на пачэсны Крыж; сумленьне тваё, і ўсьведамленьне зробленых учынкаў навярнулі цябе, багамудрая, на добры шлях. Глянуўшы на ікону блаславёнае Божае Дзевы, і пакаяўшыся ва ўсіх ранейшых правінах, ты, усяхвальная, сьмела пакланілася сьвятому дрэву.
Пакланіўшыся радасна месцам сьвятым і атрымаўшы настаўленьне ў дабрадзейнасьці, ты, блаславёная, пайшла па выбраным табою добрым шляху. Перайшоўшы Ярдан, ты пасялілася ў жыльлі Прадвесьніка, пагасіла лютасьць пажаданьняў пастом і малітваю і перамагла цялесныя нахілы, Маці ўсяпамятная.
Пасяліўшыся ў пустыні, ты змыла з душы грэшныя пажаданьні і падмяніла іх Богам дадзенымі дабрадзейнасьцямі. Ты зазьзяла сьвятасьцю жыцьця, так што лёгка хадзіла па вадзе, і падчас малітвы да Бога ўзьнімалася над зямлёй. Цяпер, усяслаўная Марыя, ты жывеш у прысутнасьці Хрыста. Маліся за душы нашыя.