СЛОВА МІЖ СЬВЯТЫМІ АЙЦА НАШАГА ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА НА ВЯЛІКДЗЕНЬ Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацц…

СЛОВА МІЖ СЬВЯТЫМІ АЙЦА НАШАГА ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА НА ВЯЛІКДЗЕНЬ

Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацца ў дзень гэтай вялікай і сьветлай урачыстасьці; хай усе разумныя слугі ўвойдуць у радасьць гаспадара свайго. Хай усе, хто пасьціўся, атрымаюць сёньня ўзнагароду. Калі хто працаваў ад першай гадзіны, хай прыме належную яму заплату. Калі ж хто прыйшоў а трэцяй гадзіне, хай сьвяткуе з падзякай. А калі хто далучыўся толькі пасьля шостай гадзіны, хай не сумняецца, бо ня будзе пазбаўлены нічога. Калі хто спозьніцца да дзевятай гадзіны, хай падыходзіць, нічога не баіцца, ні ў чым не сумняецца. А калі хто прыйдзе аб адзінаццатай гадзіне, хай не баіцца, што спазьніўся.

Уладар любіць рабіць прыемнасьць усім, Ён прымае апошняга, як і першага, задавальняе патрэбы таго, хто прыйшоў аб адзінаццатай гадзіне, як і таго, хто працаваў ад гадзіны першай: апошняга мілуе, першаму дагаджае; гэтаму дае і таго абдорвае; Ён прымае працу і падтрымлівае намеры, шануе высілкі і добрыя жаданьні хваліць.

Дзеля гэтага прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага: першыя і апошнія, усе атрымаеце заплату. Багатыя і бедныя, цешцеся разам. Працавітыя і лянівыя, ушануйце гэты дзень. Тыя, што пасьцілі, і тыя, што не пасьцілі, радуйцеся сёньня. Стол багаты – усім хопіць з дастаткам. Цялё кормнае вялікае, ніхто не адыдзе галодны, – усе напоўніцеся ў асалоду на застольлі веры; усе атрымаеце багацьце ласкі.

Ніхто хай не наракае на сваю беднасьць. Ніхто хай не плача аб сваіх правінах, бо прабачэньне зазьзяла з магілы. Ніхто хай не баіцца сьмерці, бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас. Пакаштаваўшы сьмерці, Ён зьнішчыў сьмерць. Зышоўшы ў пекла, Ён паланіў яго.

Ісая, што прадбачыў гэта, усклікае: Пекла, – кажа – сумелася, сустрэўшы Цябе ўнізе. Сумелася, бо было адмененае; сумелася, бо было абсьмяянае; сумелася, бо было зьнішчанае; сумелася, бо было зьвержанае; сумелася, бо было зьвязанае. Схапіла мёртвае цела і сутыкнулася з Богам. Прыняла зямлю і сустрэлася з небам; прыняла бачнае, і ўпала ў тое, чаго ня бачыла.

Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога? Уваскрос Хрыстос, – і ты было спустошанае; Уваскрос Хрыстос, – і дэманы ўпалі; Уваскрос Хрыстос, – і анёлы радуюцца; Уваскрос Хрыстос, – і жыцьцё запанавала. Уваскрос Хрыстос, – і ніводнага мёртвага не засталося ў магіле. Хрыстос уваскрос з мёртвых, пачатак тых, што заснулі. Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амін.