Апостал дня
У той час выступіў Пётра разам з адзінаццацьмі і пачаў гаварыць голасна да натоўпу: “Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму, прыміце да ведама і выслухайце ўважліва тое, што маю сказаць. Гэтыя людзі ня п’яныя, як вам думаецца, бо цяпер толькі трэцяя гадзіна дня; але гэта тое, што прадказаў прарок Яэль: «У апошнія дні – кажа Бог, – вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб’яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа Майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены»”. (Дз 2:14-21)