Навіны хрысьціянскага сьвету20.04.2021
У Менску маліліся за беатыфікацыю біскупа Баляслава Слосканса
18 красавіка 2021 году мінула 40 гадоў ад дня спачыну Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса, які на працягу многіх гадоў, у вельмі складаныя часы, быў архіпастырам беларускіх католікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў як у Беларусі, так і за яе межамі.
З гэтай нагоды багаслужбы ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Баляслава (Слосканса) адбыліся 17 красавіка ў храме грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру Праведнага Язэпа і ў рыма-каталіцкім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшага Імя Дзевы Марыі ў Менску. У нядзелю, 18 красавіка, за Слугу Божага Баляслава Слосканса маліліся і ў іншых грэка-каталцкіх парафіях Беларусі.
У рыма-каталіцкай катэдры ў Менску сьв. Імшу ўзначаліў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім і рыма-каталіцкімі сьвятарамі маліўся грэка-каталіцкі сьвятар з Менску а. Аляксей Філіпенка. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у 1989 годзе стаў наступнікам біскупа Баляслава Слосканса ў якасьці Апостальскага адміністратара беларускіх католікаў. Падчас сьвятой Імшы архібіскуп нагадаў прысутным пра поўны гераічнага хрысьціянскага сьведчаньня жыцьцёвы шлях Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса.
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсьліў, што ажно да сьмерці біскуп Слосканс заставаўся Апостальскім адміністратарам Менскай і Магілёўскай дыяцэзіяў. Такім чынам, хоць у савецкія часы ў Беларусі фізічна не было біскупа, але ён усё ж такі быў і атуляў малітваю сваю паству, якая цярпела ад атэістычнага савецкага прыгнёту. «Гэта вельмі важна ў кантэксьце адраджэньня Касьцёла на Беларусі, а таксама сьвяткаваньня 30-годдзя аднаўленьня яго еріхічных структур. Божы Провід дазволіў мне ў 1989 годзе стаць непасрэдным наступнікам Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса праз 8 гадоў пасьля яго сьмерці», — цытуе словы архібіскупа Кандрусевіча Catholic.by.
Вельмі вымоўна ў гэтым сэньсе гучыць дэвіз біскупскага служэньня Баляслава Слосканса: Hostia pro fratribus — «Ахвяра за братоў». «Будучы па паходжаньні латышом, ён па пакліканьні быў сапраўдным хрысьціянінам, для якога няма “ні грэка, ні юдэя”, але ўсе браты ў Хрысьце», — адзначыў архібіскуп Кандрусевіч. Сваю гамілію ён завяршыў словамі: «Добры Бог, які паклікаў біскупа Баляслава Слосканса да служэньня беларускім католікам у складаныя часы ваяўнічага атэізму, няхай спрыяе хутчэйшай яго беатыфікацыі, каб мы мелі новага нябеснага заступніка».
Баляслаў Слосканс нарадзіўся 31 (19) жніўня 1893 году. Паходзіць з латышскай каталіцкай сям’і, якая жыла на беларуска-латышскім памежжы ў колішняй Віцебскай губэрні. У 1916 годзе скончыў рыма-каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, а 21 студзеня 1917 году быў высьвячаны ў сьвятары. Душпастырскую дзейнасьць пачаў на пасадзе вікарыя пры касьцёле сьв. Кацярыны ў Петраградзе. У 1925-1926 гг. служыў у Віцебску, у касьцёле сьв. Барбары.
Калі ў СССР не з