У Стоўпцах ушанавалі памяць архімандрыта Льва ГарошкіНавіны хрысьціянскага сьвету15.05.2021У Стоўпца…

У Стоўпцах ушанавалі памяць архімандрыта Льва Гарошкі

Навіны хрысьціянскага сьвету15.05.2021

У Стоўпцах ушанавалі памяць архімандрыта Льва Гарошкі

 

Група грэка-каталіцкіх пілігрымаў з Менску і Івацэвічаў 11 траўня 2021 году прыехала ў Стоўпцы, каб памаліцца і ўшанаваць памяць беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Льва Гарошкі, які пэўны час служыў там, паведамляе сайт Svjazep.org.

 

Пілігрымка, якую ўзначаліў дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў, была арганізаваная з нагоды 110-х угодкаў з дня нараджэньня айца Льва Гарошкі — выдатнага сьвятара-патрыёта, інтэлектуала, рэлігійнага і грамадзкага дзеяча, віцэ-экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, а пазьней — рэдактара часопіса «Божым шляхам» і шматгадовага кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Архімандрыт Леў Гарошка вядомы таксама як дасьледчык гісторыі рэлігіі і Царквы ў Беларусі, культуролаг і літаратар.

 

Грэка-каталіцкія пілігрымы ўдзельнічалі ў сьв. Імшы, якую Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) саслужыў у гэты дзень у новазбудаваным касьцёле сьв. Казімера ў Стоўпцах з пробашчам стаўпецкай парафіі айцом-канонікам Ігарам Лашуком.

 

Леў Гарошка паходзіў з Наваградчыны. Нарадзіўся ён 11 сакавіка 1911 году ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён). Скончыў польскую сямігодку ў Міры, затым вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Дзякуючы дырэктару беларускай гімназіі івану Цеханоўскаму і дырэктару беларускага музею ў Вільні Антону Луцкевічу Леў Гарошка пачаў вучыцца ў грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі ў Львове, рэктарам якой быў тады Ёсіф Сьліпый, пазьнейшы мітрапаліт ГКЦ і кардынал. Пасьля студыяў у Львове мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі выслаў яго на далейшыя студыі ў Інсбрук.

 

Пасьля сьвятарскіх сьвячаньняў, атрыманых 17 кастрычніка 1937 году ў Львове, у прыватнай капліцы мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, Леў Гарошка нёс душпастырскае служэньне ў розных каталіцкіх парафіях візантыйска-славянскага абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, у тым ліку ў Стоўпцах. Сваю першую ўрачыстую Боскую Літургію адслужыў на роднай Наваградчыне ва ўніяцкай парафіі ў Далятычах. Сьвецкія ўлады польскай дзяржавы ўвесь час перасьледавалі маладога сьвятара за яго асьветніцкую і душпастырскую дзейнасьць, ён увесь час знаходзіўся пад наглядам паліцыі, калі служыў у парафіях на Палесьсі і пазьней у Стоўпцах.

 

Каталіцкая парафія візантыйска-славянскага абраду ў Стоўпцах была створана ў канцы 1930 году. Набажэнствы правіліся ў драўлянай каталіцкай капліцы на могілках. 30—31 траўня 1931 году ўніяцкую парафію ў Стоўпцах наведаў Апостальскі візітатар для вернікаў візантыйска-славянскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі біскуп Мікалай Чарнецкі. Парафія была невялікая, колькасьць вернікаў на пачатак 1939 году складала 155 чалавек. З 1938 году парахам уніяцкай парафіі ў Стоўпцах быў украінец а. Юстын Сялецкі, а а. Леў Гарошка быў там вікарным сьвятаром. Перад самым пачаткам вайны, 15 траўня 1939 году, на загад наваградзкага ваяводы а. Леў Гар