Ефрасіння Полацкая (да манаства — Прадслава) — нарадзілася 5 студзеня 1104 года ў сям’і Святаслава Усяславіча. Прадслава атрымала параўнальна добрую для таго часу хатнюю адукацыю. У 12-гадовым узросце бацька намерыўся выдаць яе замуж, аднак яна адмовілася ад шлюбу і патаемна прыняла пострыг у Полацкім манастыры. Пасля гэтага яна займалася перапісам кніг, пабудавала за свае сродкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Спаса-Праабражэнскую царкву і Богаяўленскі манастыр.
У 1161 годзе Ефрасіння Полацкая заказала у мясцовага майстра Лазара Богшы выраб напрастольнага крыжа.
У канцы жыцця Ефрасіння намерылася выехаць у Ерусалім, у канцы красавіка 1167 года яна дасягнула Ерусаліма. Там Ефрасіння накіравалася да Гробу Гасподняга, пасля яшчэ тры дні прыходзіла для малення. Праз некалькі дзён яна захварэла і паслала брата з сястрой за святой вадой на Ярдан.
Памерла яна 23 мая 1167 года ў Ерусаліме. У наш час яе святыя мошчы знаходзяцца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.