Убачыўшы ўсю вашую супольнасць у згаданых асобах і палюбіўшы яе ў веры, заклінаю, каб вы стараліся з…

Убачыўшы ўсю вашую супольнасць у згаданых асобах і палюбіўшы яе ў веры, заклінаю, каб вы стараліся здзяйсняць усё ў святой Божай згодзе пад кіраўніцтвам біскупа, які выступае ад імя Бога, прэзбітэраў, якія ўтвараюць нібы калегію Апосталаў, а таксама вельмі дарагіх мне дыяканаў, што служаць Ісусу Хрысту, Які спрадвеку быў у Айца і аб’явіўся ў канцы часоў. Паступайце ўсе згодна з Божай воляй, шануйце адзін аднаго, а ва ўзаемных адносінах не кіруйцеся людскімі жаданнямі, але трывайце ў еднасці з біскупам, з тымі, хто вамі кіруе, прадказваючы гэтым і навучаючы пра несмяротнасць.

Так як Госпад без Айца, з Якім утварае адно, не рабіў нічога ні Сам, ні праз Апосталаў, так і вы нічога не рабіце без біскупа і прэзбітэраў. Не старайцеся, каб дабром было тое, што самі чыніце, але ўсё рабіце ў супольнасці: адна малітва, адна просьба, адзін дух, адна надзея ў любові і ў шчырай радасці, так як адзін ёсць Ісус Хрыстос, Які па-над усім. Яднайцеся ўсе, як у адной святыні Бога, нібы вакол таго самага алтара, таго самага Ісуса Хрыста, Які ад Айца паходзіць, які быў у Айца і да Яго вернецца.

«Пасланне да хрысціянаў у Магнэзіі» св. Ігната Антыяхійскага