Сьвятая роўнаапостальная Марыя Магдалена
Міраносіца і роўная апосталам Марыя Магдалена паходзіла з галілейскага гораду Магдала каля Тыберыядзкага возера. Была вызваленая Хрыстом ад сямі дэманаў. З таго часу хадзіла за Настаўнікам і верна Яму служыла, стаўшыся Яго вучаніцай. Разам з Багародзіцаю яна была першай сярод тых, хто ўбачыў уваскрослага Хрыста. Невядома дакладна, чым займалася Марыя Магдалена пасьля Ўзьнясеньня Госпада, але традыцыя пераказвае, што яна спрычынілася да распаўсюджваньня веры ў Хрыста і таму названая роўнай апосталам.