Многа ёсць такіх, якія ахвотней слухаюць свет, а не Бога, і лягчэй ідуць за пажадлівасцю свайго цела…

Многа ёсць такіх, якія ахвотней слухаюць свет, а не Бога, і лягчэй ідуць за пажадлівасцю свайго цела, чым за Божай воляй

Свет абяцае рэчы дробныя і мінаючыя, а служаць яму з вялікай ахвотай. Я абяцаю рэчы бязмерныя і вечныя, а сэрцы смяротных застаюцца абыякавымі.

Хто ж служыць Мне гэтак жа ахвотна ва ўсім і гэтак жа паслухмяна, як служыць свету ды яго валадарам?

Дык чырваней, лянівы і бурклівы, што іншыя больш ахвотна працуюць на сваю загубу, чым ты працуеш для вечнага жыцця; што іншыя больш радуюцца марнасці, чым ты праўдзе.

Аднак так часта яны ашукваюцца ў сваіх надзеях. Маё ж абяцанне нікога не ашуквае, і не адойдзе з пустымі рукамі той, хто паверыць Мне.

Што абяцаў – тое дам; што сказаў – тое споўню, калі толькі да канца вытрываеш верна ў Маёй любові.

Я шчодра ўнагароджваю добрых і выпрабоўваю пабожных.

Запішы Мае словы ў сваім сэрцы і добра паразважай над імі, бо яны вельмі спатрэбяцца табе ў хвіліну спакусы.

Чаго не разумееш чытаючы, зразумееш тады, калі цябе наведаю.

Двайным спосабам Я наведваю сваіх выбраных: спакусаю і суцяшэннем.

І дзве навукі даю ім штодзень: адну – ганячы іхнія праступкі, другую – клічучы іх да штораз большых цнотаў.

Хто мае словы Мае ды іх не прымае, той мае суддзю – слова, што ў апошні дзень асудзіць яго (пар. Ян 12, 48).

Тамаш Кемпійскі “Пра наследаванне Хрыста”