291 год таму, 19 верасня 1730 г. (8 верасня па юліянскім календары – у свята Нараджэння Багародзіцы)…

291 год таму, 19 верасня 1730 г. (8 верасня па юліянскім календары – у свята Нараджэння Багародзіцы) у Жыровіцах прайшлі вялікія ўрачыстасці:

Пад няспынны гоман малітваў і спеваў 38-тысячнага збору вернага люду, трыюмфальныя стрэлы гарматаў,
гучанне трампетаў і барабанаў,

мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
Апанас Шаптыцкі ў суслужэнні з протатроніям Тэафілам Гадзебскім, япіскапам Уладзіміра-Берасцейскім, і Юр’ям Булгакам, япіскапам Пінскім, каранаваў Жыровіцкі абраз Маці Божай каштоўнымі каронамі, зробленымі ў Рыме пракуратарам ордэну айцоў базыльянаў а. Бенедыктам Турлевічам і пасвячанымі Папам Рымскім Бенедыктам ХІІІ.

Даставіў кароны з Рыму ў Жыровіцы князь Геранім Радзівіл, а кошт урачыстасцяў пакрыла ягоная маці – княгіня Ганна з Сангушкаў, удава Вялікага канцлера Літоўскага князя Караля Радзівіла.