Паколькі Бог бачыць усё і ўсё чуе, будзем баяцца Яго. Пакінем нячыстыя жаданні дрэнных учынкаў, каб на будучым судзе мы маглі адчуць апеку Яго міласэрнасці. Бо хто з нас можа ўцячы ад Яго магутнай рукі? Які ж свет можа прыняць таго, хто ўцякае ад Бога? Пісанне ў іншым месцы кажа: «Куды пайду ад духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцяку? Калі ўзыду на неба, Ты там; калі перасялюся на край зямлі, – там таксама будзе Твая правіца; калі спачну ў адхлані, – і там Твой дух» (пар. Пс 139 [138], 7-11). Дык куды ж адысці ці дзе схавацца ад Таго, Хто ахоплівае ўсё?
Таму наблізімся да Бога ў святасці сэрца, будзем узносіць да Яго чыстыя і беззаганныя рукі, будзем любіць міласэрнага і ласкавага нашага Айца, Які ўчыніў нас часткай сваёй спадчыны.
Св. Клімент, Папа Рымскі