Вера пераўзыходзіць чалавечыя сілыСлова вера – адно, але паводле зместу мае два значэнні. Першы від …

Вера пераўзыходзіць чалавечыя сілы

Слова вера – адно, але паводле зместу мае два значэнні. Першы від веры датычыць дагмату і заключаецца ў пазнанні, а таксама ў прыняцці розумам канкрэтнай праўды. Такая вера неабходна для збаўлення, паводле словаў Госпада: «Хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд» (Ян 5, 24) і яшчэ: «Хто верыць у Сына, не будзе асуджаны, але пяройдзе ад смерці да жыцця» (пар. Ян 3, 18).

Якая ж вялікая любоў Бога да людзей! Праведнікі Старога Запавету спадабаліся Богу пасля многіх гадоў працы. А табе Ісус за адну гадзіну дае ўсё, што тыя атрымалі пасля многіх гадоў вернага служэння. Калі ты паверыш, што Ісус Хрыстос з’яўляецца Госпадам, калі паверыш, што Бог уваскрасіў Яго, атрымаеш збаўленне, а ў раі цябе прыме той, які ўвёў туды скрушанага злачынцу. Не думай, што гэта немагчыма. Той, хто на святой Галгоце збавіў злачынцу, які верыў толькі гадзіну, зможа збавіць таксама і цябе, калі ты паверыш.

Існуе таксама другі від веры, які з’яўляецца абсалютным дарам, дадзеным Хрыстом. «Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу» (1 Кар 12, 8-9).

Дык вось, тая вера, якая перадаецца праз Духа Святога як дар, датычыць не толькі дагматаў, але больш за тое, праз гэтую ж веру чалавек здзяйсняе справы, якія пераўзыходзяць яго сілы. Той, хто мае такую веру, можа сказаць гары: «Перасунься адсюль сюды, і яна перасунецца» (пар. Мц 17, 20). Хто пад уплывам такой веры скажа гэтыя словы і будзе верыць, што так станецца, і не будзе сумнявацца ў сваім сэрцы, атрымае ласку.

Пра такую веру сказана: «Калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне» (пар. Мц 17, 20). Гарчычнае зерне вельмі малое, але мае незвычайную моц. Пасеянае ў якім-небудзь, хоць бы самым найменшым месцы, пускае вялікія галіны, і калі вырасце, дае цень нават нябесным птушкам. Таксама і вера за вельмі кароткі час здзяйсняе ў душы незвычайныя справы. Душа, напоўненая святлом веры, разважае пра Бога і, наколькі гэта магчыма, сузірае Бога. Аблятае зямлю ад краю да краю і напрыканцы часоў бачыць ужо суд і выкананне абяцанняў.

Таму май такую веру, якая залежыць ад цябе і вядзе да Бога, каб ад Яго ты мог атрымаць яе такой, якая пераўзыходзіць усялякія чалавечыя сілы.

Св. Кірыла Ерусалімскі