Несумненна, за ўсіх людзей прасіла тая, якой сказана: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Госпада» (Лк 1, 30), тую, якой ты прагнуў. Хто зможа ахапіць шчодрасць і безліч, і прыгажосць, і глыбіню Тваёй міласэрнасці? Ты нясеш шчодрую дапамогу ўсім, хто Цябе кліча, і так будзе аж да апошняга дня. Зямля поўная Тваёй міласэрнасці і сягае яна аж да межаў зямлі, нясе аднаўленне Нябеснаму Валадарству і збаўленне тым, хто знаходзіцца ў змроку і ў цені смерці. Бо дзякуючы Табе засяляецца неба і пусцее адхлань, паўстае з руінаў супольнасць неба, а загубленым і тым, хто ў сваім няшчасці чакае збаўлення, вяртаецца жыццё. Поўная спачування і літасці, Ты прыходзіш з дапамогаю, ласкавая і да адных і да другіх.
Таму да гэтай крыніцы імкнецца нашая спрагненая душа, да гэтай невычэрпнай міласэрнасці мы звяртаемся ў нашай слабасці. Пакажы свету ласку змілавання, якую Ты знайшла ў Бога: праз свае святыя просьбы выпрасі прабачэнне вінаватым, аздараўленне хворым, умацаванне слабым, суцяшэнне змучаным, а тым, хто гіне, – дапамогу і ратунак. Няхай праз Цябе, ласкавая Уладарка, Тваім слугам, якія з пашанаю заклікаюць салодкае імя Марыі, удзеліць дары ласкі Твой Сын і Госпад наш, Ісус Хрыстос, Які па-над усім, Бог блаславёны навекі. Амін.
Св. Бернард