Калі будзем авечкамі – пераможам, калі ваўкамі – пацерпім паразуЯк доўга мы застаёмся авечкамі, так …

Калі будзем авечкамі – пераможам, калі ваўкамі – пацерпім паразу

Як доўга мы застаёмся авечкамі, так доўга перамагаем. Акружаныя незлічонай грамадой ваўкоў, мы мацнейшыя. Аднак калі самі становімся ваўкамі, перамагаюць нас, бо мы пазбаўлены дапамогі Добрага Пастыра. Ён не з’яўляецца Пастырам ваўкоў, але авечак. Таму пакідае цябе і адыходзіць, каб паказаць сваю сілу тады, калі ты не чакаеш. 

Хрыстос нібы хацеў сказаць: «Не бойцеся, калі Я пасылаю вас да ваўкоў, паводзьце сябе як авечкі і як галубы. Я мог бы вырашыць інакш і не пасылаць вас на небяспеку. Я мог бы не рабіць вас авечкамі, слабейшымі за ваўкоў, але больш страшнымі за львоў. Аднак так трэба. У гэтым выявіцца вашая мужнасць і ўславіцца мая сіла».

Ён так сказаў св. Паўлу: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо сіла ўдасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). «Я так вырашыў, – нібы кажа Хрыстос, – каб вы былі такімі». Калі кажа: «Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў» (Лк 10, 3), – то нібы дадае: «Не бойцеся, Я добра ведаю, што менавіта тады не пераможа вас ніякі вораг».

Але каб вы не сталі бяздзейнымі, і каб не здавалася, што ўсё атрымліваеце абсалютна дарма, што атрымліваеце ўзнагароду без намаганняў, дадае: «Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы» (Мц 10, 16). Іншыя запытаюцца: навошта нашая разважлівасць сярод такой колькасці небяспек? Як жа мы можам захаваць разважлівасць, калі нас кідаюць розныя хвалі? Што можа зрабіць нават самая разважлівая авечка, акружаная зграяй ваўкоў? Як дапаможа самая вялікая прастата голуба, калі ён будзе акружаны мноствам груганоў? Без патрэбы, калі маецца на ўвазе неразумнае стварэнне, але калі гаворка ідзе пра вас, то гэта дасць вельмі шмат.

Паглядзім, які від разважліасці тут патрабуецца. Разважлівасць змяі, кажа Госпад. Як змяя пакідае ўсё, нават частку свайго цела, каб толькі ўратаваць галаву, так і ты, – кажа Ён, – за выключэннем веры, пакінь усё: багацце, цела, а нават жыццё. Вера – гэта галава і корань. Калі ўратуеш веру, то калі нават усё іншае згубіш, то дадзена табе будзе нашмат больш. Таму Госпад не раіць быць толькі простымі ці толькі разважлівымі, але і аднымі, і другімі адначасова, каб такім чынам яны сталі цнотаю. Неабходна разважлівасць змяі, каб пазбегнуць смяротных ранаў. Неабходна таксама прастата голуба, каб не імкнуцца помсціць тым, хто нас пакрыўдзіў, і не прагнуць пакарання тых, хто прыдумвае пасткі. Непатрэбнай будзе разважлівасць, калі не будзе прастаты.

Няхай ніхто не думае, што гэтыя парады немагчыма выканаць. Госпад ведае лепш, чым хто-небудзь іншы, як выглядае справа. Ведае, што гвалту нельга спыніць гвалтам, а толькі лагоднасцю.

Св. Ян Залатавусны