Візіт Папы Францішка на Кіпр і ў Грэцыю стане важным крокам на шляху “дыялогу любові” з Праваслаўнымі Цэрквамі. Такое меркаванне выказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кард. Курт Кох – піша кс. Аляксандр Амяльчэня (Vatican News)
2-4 снежня 2021 г. Святы Айцец Францішак наведае Кіпр, 4-6 снежня – Грэцыю. Ён паедзе ў Нікасію, Афіны і на востраў Лесбас.
– Кардынал падкрэсліў, што папскі візіт ахоплівае дзве краіны, у якіх большасць жыхароў – праваслаўныя. Ён лічыць гэта станоўчай прыкметай паглыблення і ўмацавання каталіцка-праваслаўных адносін. У іх ён вылучыў “дыялог любові” і “дыялог праўды”. Першы азначае паглыбленне сяброўскіх адносін паміж Цэрквамі, другі – тэалагічную працу па пераадоленні перашкод, атрыманых у спадчыну ад мінулага.
“Праваслаўныя Цэрквы вырашылі пачаць гэты тэалагічны дыялог не на двухбаковым узроўні, з асобнымі Цэрквамі, а на шматбаковым узроўні. Такім чынам, у нас з’явілася Міжнародная змешаная камісія, да якой належаць 14 розных аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў, і мы з імі вядзём дыялог”, – растлумачыў старшыня Папскай рады.
Кардынал дадаў, што падарожжа Святога Айца стане важным крокам у паглыбленні “дыялогу любові”. Ён прызнаў, што каталіцка-праваслаўныя адносіны на Кіпры добрыя, а ў першаіерарха Царквы Кіпра, архіепіскапа Хрызастома ІІ “адкрытае для экуменізму сэрца”.
– Ватыканскі кардынал адзначыў, што падчас сваёй паездкі Папа Францішак хоча засяродзіцца на становішчы мігрантаў і бежанцаў. На Кіпры пройдзе экуменічная малітва з удзелам мігрантаў, а ў Грэцыі Папа зноў наведае востраў Лесбас, дзе ўжо быў у 2016 г., “каб даць выразны сігнал, што дапамога мігрантам і бежанцам – гэта вялікі экуменічны выклік, які патрабуе супрацоўніцтва”.