Нарадзіўся ў Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і Фелікса Цікоты. У траўні 1909 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. З верасня 1909 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Атрымаў святарскія свячанні ў 1914 г. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў.
Душпастырскую дзейнасць распачаў у Маладэчне (1917-1918). У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка. У гады польска-савецкай вайны 1920 г. пэўны час знаходзіўся пад арыштам. На пачатку 1920-х гадоў уступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Я. Тарасевічам.
Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). У 1933-1939 гг. двойчы абраны генералам ордэна айцоў марыянаў у Рыме.
Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. У 1939 г. накіраваны Апостальскім пасадам у якасці адміністратара Ўсходняй місіі ў Харбін (Маньчжурыя). Арыштаваны з групаю беларускіх святароў у снежні 1948 г. кітайскімі ўладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Памёр 21.02.1952 (паводле іншых крыніц 13.02.1952) у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір).