Гэтым Яго Словам з’яўляецца наш Госпад Ісус Хрыстос, Які ў апошнія часы стаў чалавекам сярод людзей, каб злучыць канец з пачаткам, гэта значыць чалавека з Богам.
І з гэтай прычыны прарокі, атрымліваючы прароцкі дар ад таго самага Слова, прадказвалі Яго прыйсце ў целе. Праз гэта і адбылося паводле ўпадабання Айца з’яднанне і злучэнне Бога і чалавека. Божае Слова ад пачатку абвяшчала, што Бог будзе бачны для людзей і будзе знаходзіцца з імі на зямлі. І Ён будзе гаварыць, і наблізіцца да свайго стварэння, збаўляючы яго, становячыся бачным для яго і «вызваляючы нас ад рук усіх, хто ненавідзіць нас» (пар. Лк 1, 71), гэта значыць ад усялякага духу злачынства, прымушаючы нас «служыць у святасці і справядлівасці ва ўсе дні нашы» (пар. Лк 1, 74-75), каб чалавек, напоўнены Духам Святым, мог ісці да славы Айца.
Так, прароцтвы прадвызначаюць, што людзі ўбачаць Бога, як Госпад і кажа: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).
Ніхто не можа ўбачыць Бога ў Яго велічы і невыказнай славе і застацца жывым (пар. Вых 33, 20), бо Айцец неспасцігальны. Але дзякуючы сваёй любові, чалавечнасці і ўсемагутнасці Ён дазволіў гэта, а менавіта, убачыць Бога тым, хто Яго любіць, як і прадказвалі прарокі: «Што немагчыма ў людзей, магчыма ў Бога» (Лк 18, 27).
Бо чалавек па сваёй волі не можа ўбачыць Бога, калі Бог сам не пажадае адкрыць сябе людзям, якім захоча, калі захоча і як захоча. Бог можа ўсё: калісьці Яго бачылі ў прароцтвах праз Ягонага Духа. Яго бачылі ў Сыне праз усынаўленне, нарэшце, Яго ўбачаць у Валадарстве Нябесным праз айцоўства. Дух падрыхтоўвае чалавека для Сына Божага, Сын прыводзіць яго да Айца, а Айцец дае навекі незнішчальнае жыццё кожнаму, хто ўбачыць Бога.
Як тыя, хто бачыць святло, знаходзяцца ў святле і бачаць яго яснасць, так і тыя, хто ўбачыць Бога, будуць у Богу, сузіраючы Яго яснасць. А яснасць Божая ажыўляе, таму атрымаюць жыццё тыя, хто ўбачыць Бога.
Св. Ірыней Ліёнскі