Слова, якое сталася Целам, абагаўляе насМы не маем даверу да пустых словаў, не захапляемся раптоўным…

Слова, якое сталася Целам, абагаўляе нас

Мы не маем даверу да пустых словаў, не захапляемся раптоўнымі парывамі сэрца, не зачароўваемся прывабнасцю красамоўных прамоваў, аднак мы не адмаўляемся верыць словам, сказаным Божаю сілай.

Гэтыя словы Бог перадаў Слову, а само Слова гаварыла іх і адварочвала людзей ад непаслухмянасці. Яно не знявольвала іх прымусам і гвалтам, але заклікала іх у свабодзе і добрай волі.

Гэтае Слова ў канцы часоў паслаў Айцец, Які ўжо не хацеў, каб яго абвяшчалі праз прарокаў або бачылі ў цьмяных прадказаннях. Ён пажадаў, каб Слова з’явілася бачна і свет, убачыўшы Яго, збавіўся.

Мы ведаем, што гэтае Слова прыняло цела ад Дзевы і насіла старога чалавека дзеля ўтварэння новага. Мы ведаем, што Яно стала чалавекам такой жа прыроды, як і мы. Бо інакш Ён дарэмна б наказваў наследаваць Яго як настаўніка. Калі б той Чалавек меў іншую прыроду, як бы Ён мог наказваць мне, слабому ад нараджэння, быць падобным да Яго, быць добрым і справядлівым, як Ён?

Каб мы не палічылі, што Ён адрозніваецца ад нас, Ісус таксама працаваў, адчуваў голад і смагу, спаў, не пагрэбаваў мукай, падпарадкаваўся смерці і паказаў сваё ўваскрасенне. Праз усё гэта Ён у чалавечай прыродзе прайшоў першы, каб ты не губляў духа і, прызнаўшы ў сабе чалавека, таксама чакаў таго, што Бог паказаў у Ісусе.

Калі ты, які жыў на зямлі, спазнаў праўдзівага Бога, то разам з душою здабудзеш несмяротнае і незнішчальнае цела і атрымаеш Нябеснае Валадарства. Ты будзеш саўдзельнікам Бога і суспадкаемцам Хрыста, не падлягаючы больш пажадлівасці, цярпенням ці хваробам, бо станеш, як Бог.

Усё благое, што ты сцярпеў, калі быў чалавекам, было дадзена Богам, бо ты чалавек. А ўсё, што Божае, Бог паабяцаў даць табе, калі станеш Божым і несмяротным. А значыць, пазнай самога сябе, прызнаючы Бога, Які цябе стварыў. Бо пазнаць і быць пазнаным выпадае таму, хто быў пакліканы Богам.

Таму не спрачайцеся адзін з адным, але без ваганняў адвярніцеся ад гэтага шляху. Бо Хрыстос ёсць Богам над усім. Ён пастанавіў абмыць чалавецтва з граху, перамяніўшы старога чалавека ў новага. Ён ад пачатку назваў яго сваім падабенствам і праз свой вобраз паказаў любоў, якую меў да цябе. Калі ты паслухаешся Яго важных наказаў і станеш добрым, то прыпадобнішся да Яго, і Ён цябе ўшануе. Шчодры ёсць Бог, які дзеля сваёй хвалы ўчыніў цябе подобным да Бога.

Св. Іпаліт Рымскі