Нарадзіўся ў першай палове IX ст. у Салуні (Тэсалонікі ў Грэцыі) у шматдзетнай сям’і. Канстанцін стаў манахам і прыняў імя Кірыла. Атрымаў у Канстанцінопалі выдатную адукацыю, за што сучасьнікі называлі яго «філосафам». Будучы ўжо дасьведчаным місіянерам, у 862 г. разам з родным братам Мятодам ён накіроўваецца на місію ў Маравію, валадар якой прасіў прыслаць сьвятароў, якія б размаўлялі па-славянску.
Браты дасягнулі вялікіх посьпехаў у сваёй місіянерскай дзейнасьці. Гэтаму ў вялікай ступені паспрыяла стварэньне імі славянскага пісьменства (глаголіцы). Кірыла пераклаў на славянскую мову жыцьцяпісы Айцоў Царквы і Сьвятое Пісаньне, і таму лічыцца пачынальнікам славянскага пісьменства. Пасьля некалькіх гадоў працы браты накіраваліся ў Рым, да Папы Адрыяна ІІ, які ўпершыню зацьвердзіў літургію на славянскай мове. 14 лютага 869 г. Кірыла Філосаф памёр у Рыме. Ён быў пахаваны ў базыліцы сьв. Клімента, дзе яго цела спачывае і цяпер, а яго старэйшага брата, Мятода, Папа высьвяціў на архібіскупа Маравіі і Паноніі (сучасная Венгрыя), дзе ён нястомна працягваў абвяшчаць Евангельле.
За вялікія заслугі ў абвяшчэньні хрысьціянскай веры сярод славянскага насельніцтва сьвятых Кірылу і Мятода называюць «Апосталамі славянаў». Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ, беручы пад увагу вялікае значэньне гэтых сьвятых для ўсіх славянаў, абвясьціў іх Апекунамі Еўропы.