Папа: мы давяраем сябе Марыі, каб залучыцца ў Божы мірны план“Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк …

Папа: мы давяраем сябе Марыі, каб залучыцца ў Божы мірны план

“Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1, 28), – гэтыя словы Анёла да Марыі сталі лейтматывам казання Папы падчас пакутнага набажэнства 25 сакавіка. Увянчаннем малітвы, якая прайшла ў базыліцы святога Пятра, стаў Чын прысвячэння чалавецтва, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Яго прамовіў асабіста Пантыфік.

“Жорсткая вайна, якая закранула многіх і прымусіла ўсіх пакутаваць, выклікае страх і жах у кожнага. Мы адчуваем бездапаможнасць і непаўнавартасць. Нам важна пачуць: “Не бойся”. Але чалавечага спакою недастаткова, патрэбна прысутнасць Бога, упэўненасць у прабачэнні Бога, у тым адзіным, хто здымае зло, змякчае крыўду, аднаўляе спакой у сэрцы. Вернемся да Бога, да Яго прабачэння!” – звярнуўся Папа.

Ён падкрэсліў, што Чын прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу – “гэта не магічная формула, а духоўны акт”, “жэст поўнага даручэння дзяцей, якія ў пакутах гэтай жорсткай і бессэнсоўнай вайны, што пагражае свету, звяртаюцца да сваёй Маці”.